Recent twitter entries...

  •  

На свяце нацыянальных культур у Міёрах можна было паглядзецца ў люстэрка Эміліі Плятэр

Опубликовано | Размещено в: Культуры | Опубликовано 22-09-2013

0

Міёры ў мінулую суботу, 21 верасня, у чарговы раз прымалі абласное свята нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні “Нас з’яднала зямля Беларусі”. Імпрэза стала адборачным турам Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які адбудзецца ў Гродне.

Свята сабрала разам прадстаўнікоў шматлікіх нацыянальнасцей: рускіх, украінцаў, яўрэяў, латышоў, палякаў, татараў, таджыкаў, казахаў, армянаў, балгараў, азербайджанцаў, цыганаў, якія па-сяброўску жывуць побач з беларусамі на зямлі Прыдзвіння.

Па традыцыі фэст распачаўся гульнёвай праграмай і выставай дэкаратыўна-прыкладной творчасці і нацыянальных кухань “Фарбі восені”. Апоўдні на сцэне на Паўвостраве – так жыхары Міёраў называюць улюбёнае гараджанамі месца адпачынку – адбыўся канцэрт мастацкіх калектываў і самадзейных артыстаў з усёй вобласці.

Удзельнікаў свята прывіталі старшыня Міёрскага райваканкама Ігар Кузняцоў і намеснік начальніка аддзела культуры ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Пётр Падгурскі. Вынікі свята падвяло рэспубліканскае журы. Лепшыя калектывы і ўдзельнікі атрымалі прызы, яны і прадставяць Віцебшчыну на фестывалі нацыянальных культур у Гродне.

Мунавара Акрамава прадстаўляла на свяце лёзненскіх таджыкаў. “У Беларусь я прыехала ў 1987 годзе, па камсамольскай пуцёўцы. І засталася тут. На вашай зямлі нарадзіліся мае дзеці, тут яны ажаніліся і выйшлі замуж. На выставу таджыцкай кухні я прывезла манты, праслоеныя ляпёшкі, іншыя стравы. А таксама – выпіўку, яна па-нашаму называецца арак. Гэта моцны алкагольны напой, мае 40 градусаў, як і руская гарэлка». Па словах Мунавары, у Беларусі яе сям’і жывецца добра. А на міёрскае свята лёзненская таджычка трапіла ў другі раз, упершыню прыязжала чатыры гады таму.

Азербайджанка Нарміна з Шаркаўшчыны распавяла, што разам з мужам пераехала ў нашу краіну ў 1992 годзе, калі ў Нагорным Карабаху пачалася вайна. “Нашы дзеці добра валодаюць і рускай, і беларускай мовамі”, – кажа жанчына. І дзеліцца рэцэптам цікавай стравы пад назвай “Тры сястры”: “Гатуецца яна з рознакаляровай гародніны – сіні баклажан, чырвоны памідор і зялёны перац. Кожны з іх начыняецца фаршам, у які трэба дадаць рыс і азербайджанскія прыправы. Пасля ўсё гэта тушыцца. На талерцы абавязкова падаюцца менавіта тры гародніны адразу, “разлучаць” іх нельга, яны ж “сёстры”.

Багата, страката і вельмі крэатыўна накрылі стол і беларускія гаспадынькі. Хто хацеў, мог паспытаць тут пастаўскай гарэлачкі-«бульбянкі», а закусіць вось такім «парсючком».  

На выставе карэспандэнтр TUT.BY пазнаёміўся з вядомым на ўсю Беларусь чалавекам – настаўнікам гісторыі і краязнаўцам Вітольдам Ермалёнкам, які стварыў у міёрскай СШ №3 некалькі ўнікальных музеяў.

Экспазіцыя, якую прадставіў Вітольд Антонавіч, адразу ж вылучалася сярод фестывальных шэрагаў. На ёй можна было пазнаёміцца з польскімі нацыянальныямі рэліквіямі, прадметамі хатняга ўжытку і літаратурай з асабістай калекцыі міёрскага настаўніка: 

– Ува мне намешаны тры крыві – польская, беларуская і латышская, бо я вырас на памежжы гэтых краін. Ведаю свой радавод да XVI стагоддзя. Усе прадметы, якія вы тут бачыце, перадаваліся ў маёй сям’і з пакалення ў пакаленне. Найбольш я ганаруся вось гэтым кубкам. Ён належаў майму бацьку Антону Міхайлавічу. Ён нарадзіўся ў 1911 годзе. Гэты кубак бацька атрымаў за выдатную стральбу ў войску. У 1944 годзе яго прызвалі ў польскую армію, якая ваявала на баку Чырвонай. Там ён быў снайперам, меў і польскія, і савецкія ўзнагароды, быў паранены.

А самая каштоўная рэч у калекцыі Ермалёнка, па яго словах, – вось гэта люстэрка. Цяжка ўявіць, але ў яго глядзелася сама Эмілія Плятэр! Графіня, збіральніца беларускага фальклору, удзельніца паўстання 1831 года ў Польшчы. Рашучая і валявая жанчына, якую называюць “беларускай Жаннай д’Арк”. Прыгажуня, якой Адам Міцкевіч прысвяціў верш.

– У нашых мясцінах у Эміліі былі сваякі. І вось аднойчы яна была ў іх у гасцях і пакінула ім на ўспамін аб сабе гэта люстэрка. Я шукаў яго каля 30 гадоў, – кажа Вітольд Антонавіч.

На падобныя святы трэба выбірацца. Бо на іх трапляеш у ні з чым не параўнальную атмасферу гасціннасці, цеплыні і шчырай сардэчнасці, з якой умеюць сустракаць у мястэчках Прыдзвінскага краю. Беларусы ж не дзеляць людзей на сваіх і чужых, для іх — усе родныя, абы сам чалавек быў добры.  


Оставить комментарий

You must be logged in to post a comment.