Recent twitter entries...

  •  

“Раней на Беларусі пояс не завязвалі толькі чужынцы ды чараўнікі”. Фотарэпартаж TUT.BY з майстар-класа па вырабу паясоў

Опубликовано | Размещено в: Культуры | Опубликовано 11-09-2013

0

“Сіла думкі – вялікая рэч. І наш музей, можна сказаць, пабудаваны на гэтым. Галоўнае толькі, каб чалавек думаў правільна”, – кажа Вольга Дамаскіна, загадчыца музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, што з’яўляецца філіялам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. І адразу ж інтрыгуе: пры чым тут мысленне асобна ўзятага чалавека да гісторыі ткацтва ў самым паўночным краі Беларусі? Але праз некаторы час пераконваюся: энергетыка думкі і сапраўды існуе.

Раней тут была багадзельня. Зараз – музей

Звонку гэты музей на музей зусім не падобны. Двухпавярховы драўляны будынак зялёнага колеру стаіць побач з помнікам святой Еўфрасінні Полацкай. Так бы мовіць, пад аховай апякункі Беларусі. Брама і ўваход ўвітыя вінаградам. У дворыку – кветачкі, усё вельмі дагледжана. У такім мілым старасвецкім дамку мог бы жыць які-небудзь полацкі мяшчанін ці купец.

– Будынак наш – так, гістарычны, – пацвярджае маю думку Вольга Фёдараўна Дамаскіна. – Гэта помнік архітэктуры канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Раней тут была багадзельня, пазней – пякарня. У 1998 годзе будынак адрэстаўравалі і адкрылі тут музей. Усе эспанаты, якія вы тут пабачыце, сабраныя на тэрыторыі Віцебшчыны і распавядаюць пра асаблівасці ручнога ткацтва менавіта Паазер’я. Гэта Глыбоцкі, Мёрскі, Шаркаўшчынскі, Верхнядзвінскі, Пастаўскі, Докшыцкі і Полацкі раёны.


На ўваходзе ў музей сядзіць пацешны дамавічок. З хітраватай усмешкай збірае грошы. Кожны наведнік дае яму, колькі не шкада. Гэта гаворыць аб тым, што мясцовыя супрацоўнікі – людзі з гумарам.

Увогуле прыехалі мы ў гэты музей не проста так, а на майстар-клас. Напрацягу месяца тут працаваў клуб выходнага дня. Запрашалі ўсіх жадаючых, а вучылі бясплатна. Арганізатары хацелі, каб чалавек далучыўся да народнай культуры, а заадно і сам авалодаў нейкім відам творчасці. Першы занятак прысвячаўся народным інструментам. Другі – вырабу традыцыйных лялек. Трэці – беларускай вышыванцы. Мы трапілі на апошні майстар-клас, на якім усіх прысутных абяцалі навучыць рабіць паясы – у традыцыйнай для Падзвіння тэхніцы.

На Віцебшчыне грэбні для часання ільну рабілі з… вожыкаў

Пакуль збіраюцца людзі на майстар-клас, Вольга Фёдараўна ладзіць для нас экскурсію.

Лён для беларуса – “наша ўсё”. Расповед пра яго – у трох музейных залах. У першай, натуральна, экскурсавод расказвае пра працэс стварэнне тканіны – ад пасадкі ільну да гатовага вырабу. Тут вы пабачыце прылады працы нашых продкаў – сявеньку, хамут, саху, церніцу, грэбні, прасніцу, калаўрот, кросны, матавіла, сукала… Усё тое, пра што большасць з нас краем вуха чула, але ніколі не бачыла.

Першая зала – вельмі атмасферная, крыху паганская. Пасярод яе знаходзіцца габелен, які сімвалізуе багіню Макош. Апякунку жаночай працы – прадзення і ткацтва, абаронцу жанчын, асабліва мацярок і незамужніх дзяўчат. Макош часта малююць з доўгімі рукамі.

– Экспазіцыя гэтай залы – свайго роду гімн жанчыне, — распавядае загадчыца музея. — Бо мужчына, што? Ён пасеяў лён, і ўсё. Праўда, ён яшчэ вырабляў інструменты, прылады працы. Аднак да апрацоўкі ільну, прадзення і ткацтва, ён, як правіла, не меў дачынення. Гэтым займаліся жанчыны.

Красамоўнае пацверджанне – вось гэта калыска. Паходная. Раней жа нярэдка і нараджалі, і гадавалі дзяцей прама ў полі.

Лён убіралі ў другой палове жніўня, у пэўныя дні па народным календары – калі галоўкі былі залаціста-карычневага колеру і калі было сухое надвор’е. Сачылі за тым, каб у сцябліну не трапіла вільгаць, бо гэта дрэнна ўплывала на якасць будучай тканіны.

– Гэта вельмі незвычайная расліна – лён, – кажа Вольга Дамаскіна. – Калі вось так пацярэбіць у руках сцяблінку, яна раздрабняецца на асобныя валокны. Але ж уручную не будзеш увесь час так мяць. Ніякай сілы не хопіць. Таму мужчына прыдумаў вось гэту прыладу – церніцу. Жанчына набірала поўную прыгаршчу ільну і мяла яго. Сыпалася кастрыца. Яна таксама прымянялася ў гаспадарцы. Напрыклад, ёю ўцяплялі дах. Увогуле, ільноапрацоўка – працэс безадкідны. А вось яшчэ адна цікавая прылада, падобная на меч, – трапло. Нездарма кажуць: язык як трапло. З яго дапамогай валакно ачышчалі ад кастрыцы. Потым яго часалі. Звычайна гэтым займаліся маладыя дзяўчаты, з доўгімі і распушчанымі валасамі. Часалі лён тройчы. Трэці раз – грэбнем, які вырабляўся са шчэці дзіка. А на Віцебшчыне – дык увогуле, распавядалі, што са шкуркі вожыка. Праўда, такую аўтэнтычную прыладу мы для сваёй экспазіцыі пакуль не знайшлі.

Далей – экспанты, якія распавядаюць пра такі працаёмкі, але цікавы працэс, як прадзенне. Прасці пачыналі з лістапада. І амаль да Вялікадня. Звычайна вясковыя жанчыны збіраліся на супрадкі ў вялікі светлы дом. Плацілі гаспадыні арэнду, часцей за ўсё прадуктамі. І пад спевы ды казкі пралі. На такія вячоркі прыходзілі маладыя хлопцы – шукаць нявест. Глядзелі: калі нітка ў дзяўчыны атрымліваецца роўная, значыць, характар у яе добры і сама яна спраўная гаспадыня, можна браць за жонку.

Наступная зала распавядае пра выкарыстанне ручнікоў у абрадах беларусаў – радзінным, вясельным і пахавальным. Ручнік у нашых продкаў сумяшчаў некалькі функцый: эстэтычную, знакавую, ахоўную, дароўную. Вышыты і ўрачысты, ён суправаджаў чалавека ад нараджэння да смерці. І аздабляў ягонае жыццё прыгажосцю.

У апошнюю залу – дзе стаяць калаўрот і ткацкі станок і дзе экспанаты распавядаюць пра тэхнікі і віды ткацтва – нас усіх і запрасілі. На майстар-клас па беларускіх паясах.

Нявеста ў даўніну павінна была саткаць каля сотні паясоў

Пояс даўней быў не толькі важным і зручным элементам адзення, але і моцным абярэгам. Хадзіць без пояса лічылася не толькі не прыгожа, але і амаральна. Пра невыхаванага чалавека казалі: “Татарын ты беспаясны!” Пояс не дапускаў да чалавека дурную энергетыку. Таму, калі нараджалася дзіця, яму адразу дарылі спавівач – звычайна чырвоны і віты. Ён аберагаў малога чалавечка ад хвароб ды няшчасцяў.

У даўніну нявеста, на добры лад, павінна была саткаць на пасаг каля сотні (!) паясоў. Трэба ж было адарыць жаніха, усю ягоную радню, сватоў, музыкаў, а таксама сваіх сябровак. Карацей, усіх гасцей на вяселлі!

З паясамі былі звязаны многія народныя звычаі. Напрыклад, калі маладая сям’я сялілася ў новую хату, жывёлу ў хлеў нельга было заганаць дубцом. Ткалі адмысловы пояс, з арнаментам, які сімвалізаваў хатнічка, і чаплялі яго скаціне за шыю. І так вялі яе ў хлеў. А потым пояс вешалі на сцяну. І ў хатняй жывёлы з’яўляўся свой абярэг.

Мужчынскія і жаночыя паясы адрозніваліся. Найперш, манерай нашэння. Жанчыны і дзяўчаты завязвалі яго на левы бок, строга на талію. А мужчыны – на правы бок. Калі дзяцюк ці дзядзька быў стройны, то – вышэй таліі, пад грудзі. А калі меў жывот, то кашулю падпярэзвалі пад гэтае “багацце”.

А вось розныя вядзьмаркі, чараўнікі і знахаркі паясы не насілі. Інакш у іх не атрымлівалася варажба.

“Новыя веды майстру падказвае нехта звыш”

Майстар-клас праводзіў не абы-хто, а сама Ніна Іосіфаўна Ярмух. Гэта вядомая на ўсю Беларусь майстрыха, кіраўнік народнага клуба шыцця з абрэзкаў тканіны «Рошва», які дзейнічае ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур у Полацку. Яна была аўтарам ідэі стварэння ўнікальнага палатна – “Полацкага абярэгу”. Гэты праект прысвячаўся 1145-годдзю горада. Спачатку абярэг з квілтоў быў плошчай каля 70 квадратных метраў і складаўся з 11 асобных палотнаў. Паступова ён стаў яшчэ большым, а ў стварэнне дзівоснага палатнянага стракатага дывана ўклалі часцінку сваёй душы майстры з самых розных краін, нават з далёкай Японіі.

Ніна Ярмух валодае многімі відамі рамёстваў. Гэта вязанне. Ручное ткацтва (габелены, паясы). Машыннае ткацтва. Вышыўка. Крыху – саломапляценне. І, безумоўна, шыццё з лапікаў. “Такое ўражанне, што рукадзельнічаць я пачала яшчэ да нараджэння! – жартуе кіраўніца “Рошвы”. – Вязаць умела яшчэ ў садку. Колькі сябе памятаю, столькі з нітачкамі ды лапікамі заўсёды вазілася. Бабулька мая вязала, ну і я з ёй”. Самае дзіўнае, што па адукацыі Ніна Ярмух – не мастак, не дызайнер, а… дырыжор аркестра народных інструментаў. Прычым інструментаў прыбалтыйскіх. Бо нарадзілася і вучылася яна ў літоўскім горадзе Панявежысе.

Аднак нават такой вопытнай майстрысе доўга не даваўся “вышэйшы пілатаж” – пояс з 12 узорамі, па адным на кожны месяц у годзе. Такі ў старажытнасці лічыўся вельмі моцным абярэгам. “Доўга ён мне быў непадуладны, такі пояс, – прызнаецца Ніна Іосіфаўна. – А сёлета на “Славянскім базары” я ўсё-ткі саткала яго! На дошчачках. Ганаруся сабой. Значыць, дасягнула пэўнага ўзроўню. А ўвогуле новыя веды майстру падказвае нехта звыш: як рабіць тое, чаго пакуль не ўмееш, ці тое, што яшчэ ніхто не рабіў”.

Як мы рабілі паясы з “нагаворам”

– Тэхнік вырабу паясоў – безліч, – тлумачыць Ніна Іосіфаўна. – Але мы з вамі спачатку навучымся рабіць самы просты – віты. Аднак будзе ён не такі ўжо і не просты, а з “нагаворам”.

– А гэта як? – пытаецца хтосьці.

– Ну, раней жанчыны былі разумныя ды хітрыя, – усміхаецца наша настаўніца. – Яны рабілі пояс і “нагаворвалі” на яго пэўную інфармацыю. Канешне ж, скіраваную на дабро. Калі гэты пояс прызначаўся для падарожніка, то яму жадалі лёгкага і шчаслівага шляху. Калі для ваяра, то яго закліналі вярнуцца жывым і здаровым. Хочаце верце, хочаце – не, але ў мяне ёсць такі вопыт. Рабіла ў падарунак пояс дзяўчыне, якая ехала ў Бельгію да свайго маладога чалавека. І нагаворвала, самі здагадайцеся, што можна ў такой сітуацыі жадаць. Праз месяц хлопец зрабіў маёй знаёмай прапанову! А як мой сын і два ягоныя сябры здавалі іспыты, выпускныя ў школе і ўступныя? У іх пад пінжакамі былі нагавораныя паясы. На першы экзамен я ўгаварыла іх завязаць. А на другі гэтага ўжо не трэба было рабіць. І ўсе іспыты яны ўтрох здалі на выдатна. Таму і вы зараз круціце пояс ды добрыя думкі ў яго ўкладайце.

Віты пояс робіцца і сапраўды надзвычай проста. Паміж сабой спалучаюцца дзе вяровачкі, зробленыя з нітак, складзеных у некалькі столак. Адзін чалавек круціць вяровачку аднаго колеру, другі чалавек – другую, іншага колеру. Але, увага! — круціць трэба абавязкова ўправа. 

– Даўно было заўважана, што ўсё добрае — справа: анёл-ахоўнік “сядзіць” на правым плячы, на правай руцэ носяць заручальны пярсцёнак, гэтай жа рукой бласлаўляюць. Увогуле, праўда – яна справа. А вось усё дрэннае – злева. Напрыклад, у віры вада круціцца ўлева, – кажа Ніна Ярмух.

З вітым поясам справіліся ўсе. Скруцілі, потым упрыгожылі свой выраб прыгожымі кістачкамі. Гатова! Атрымалася і ў самай маленькай удзельніцы майстар-класа – 6-гадовай Ксюшы. “О, у такім узросце дзяўчынкі раней былі ўжо прафесіяналамі ў рукадзеллі, – гаворыць наша настаўніца. – Маці ды старэйшыя сёстры пачыналі іх навучаць гадоў з пяці”.

Дарэчы, пра кістачкі на паясах. І тут, аказваецца, не ўсё так проста. 

– Калі паясы пачалі насіць на спражках, людзі сталі больш нервовымі. А калі былі кутасы, то чалавек ішоў, і ўсё дрэннае з яго страсалася, падала на зямлю. Вось так… Не слухаем мы сваіх продкаў… – разважае Вольга Дамаскіна.

– Так, трэба нам часцей звяртацца да народных традыцый, – пагаджаецца мая суседка, Галіна Тарасаўна Цімафеева. – Жанчына даведалася пра майстар-класы ў музеі ткацтва праз мясцовую газету. Наведвала амаль усе заняткі і засталася вельмі задаволеная.

Калі з вітым поясам усё атрымалася цудоўна, то з вырабам, які мы пачалі вучыцца плесці на калодцы, справа ў мяне не пайшла з самага пачатку. Хоць мы і рабілі таксама самы просты. На гэтым этапе майстар-класу Ніне Іосіфанаўне пачалі дапамагаць супрацоўніцы музея – Ганна Шарох і Таццяна Бакунова.

І хоць дзяўчаты ўсё выдатна тлумачылі, мае рукі былі як крукі, а петлі не слухаліся і ўвесь час саскоквалі з цвічкоў на калодцы. Карацей, кінула я гэту справу. А пасля думаю: “А каб я жыла сто год таму? І каб мне трэба было сто паясоў сплесці? Дык я б і аднаго нават не зрабіла! Ой, дык а хто б мяне замуж такую безрукую ўзяў?! Не, трэба яшчэ раз паспрабаваць, а раптам атрымаецца?”

І вось яна, сіла думкі! Дзіва дзіўнае, стала атрымлівацца! І гэта была неверагодная радасць – бачыць вынік сваёй працы. Гэткае ж задавальненне атрымлівалі і іншыя вучаніцы:

– О, зірніце, у мяне ўжо з калодкі пачаў выходзіць пояс! – захапляецца адна жанчына.

– І ў мяне таксама! Фантастыка! Аж не верыцца, што атрымалася! – кажа яе сяброўка. Першы паясок, што мы зрабілі, віты, яна завязала сабе пад кофтачку. Абярэг.

– Ну вось, доўгімі зімовымі вечарамі вам зараз будзе, чым заняцца, – гаворыць Ніна Ярмух. – Уявіце, за вокнамі завіруха, а ў вас у руках цёплыя ніткі. Увогуле працэс працы з ніткамі вельмі прыемны. Ён супакойвае. Раней было заўважана, што людзі, які займаюцца рукадзеллем, даўжэй жывуць.

Асобная навука – уменне чытаць арнаменты на паясах, ручніках ды посцілках. Так, ромб – гэта сімвал вясны, зерня, хлеба. Восьміканечная зорка абазначае чалавека. А вось вянок – гэта узор Радзімы. А каб “прачытаць” да канца яе, сваю Бацькаўшчыну, усё пра яе дазнацца, пэўна, і жыцця не хопіць. Дужа багатая на мудрасць спадчына нашых продкаў!


Оставить комментарий

You must be logged in to post a comment.