Recent twitter entries...

  •  

Рэпартаж са здымачнай пляцоўкі фільма «Белыя росы-2»: людзі п’юць каву, жартуюць, крычаць, посцяць фоткі ў інстаграм

Опубликовано | Размещено в: Культуры | Опубликовано 09-09-2013

0

У сталіцы праходзяць здымкі фільма «Белыя росы-2», працягнуцца яны да 27 верасня. Акрамя павільёнаў кінастудыі, здымачная група пабывае на кватэры, у клубе, у аэрапорце і офісе. «Белыя росы-2» нехта называе працягам фільма Дабралюбава, нехта — рымэйкам. Але стваральнікі сцвярджаюць, што гэта цалкам аўтаномны праект. Прапануем фотарэпартаж са здымачнай пляцоўкі кінапраекта.
 
— Ой, як тут весела! — шапчу я фотакарэспандэнту на здымачнай пляцоўцы кінапраекта «Белыя росы-2». Толькі што мы наслухаліся развясёлых жартаў ад майстра па святле, які раіў нам «берагчы прычоскі», праносячы міма нейкае жудасна грувасткае абсталяванне. А пару хвілін таму мы былі перакананы, што пачаўся пажар, бо адмысловая «дыма-машына», як мы яе ахрысцілі, выпускала незлічоную колькасць густога белага дыму. Аказалася, што ён патрэбны для больш праўдападобнай імітацыі дзённага асвятлення, каб падкрэсліць праламленне святла. Пылінкі там розныя ў паветры лётаюць, ведаеце.
 
 
— Весела, але не ўсім, — з наўмысна суровым выглядам прамаўляе мужчына з рацыяй у руках і ў форме, больш падобнай на форму ваеннага ў «гарачай кропцы». Гэта начальнік пляцоўкі. Ён адказвае за тэхніку бяспекі і сочыць, каб на здымках усё ішло як трэба. Ён прыкрыквае на прысутных, калі яны перашкаджаюць рэжысёру працаваць. Словам, кіно пачынаецца са здымак.
 
Насамрэч, цалкам верагодна, што назва ў фільма будзе зусім іншая. Але, прынамсі, аўтарам сцэнарыя будучай стужкі таксама з’яўляецца драматург Аляксей Дудараў. Роўна 30 гадоў таму ён напісаў сцэнарый для фільма «Белыя росы», які зняў рэжысёр Ігар Дабралюбаў. Напэўна, і сёння гэтая беларуская стужка ўзгадваецца ўсім нашым суайчыннікам, у якіх можна раптоўна запытацца пра любімы беларускі фільм.
 
«Белыя росы-2» нехта называе працягам фільма Дабралюбава, нехта — рымэйкам. Але стваральнікі сцвярджаюць, што гэта цалкам аўтаномны праект, падобны на славуты фільм хіба што дабрынёй і чысцінёй галоўнага пасылу. Ды і акцёры тут усе іншыя. З папярэдняга фільма ў гэты «перайшла» хіба што актрыса Ірына Ягорава. Вось і ўсё. Астатнія — новыя тыпажы, новыя твары. Юозас Будрайціс іграе Ходаса, Віктар Манаеў — суседа Ходаса Струка, Павел Харланчук іграе маладога і прабіўнога Бодзю, Яўгенія Жуковіч — закаханую ў Бодзю Паліну, аматарку прыроды і розных дзіўных рэчаў і з’яў. Таксама ў фільме задзейнічаны Ганна Палупанава, Андрэй Мярзлікін, Сяргей Жбанаў ды іншыя. Здымае фільм малады рэжысёр Аляксандра Бутар. Гэта яе дэбют у вялікім кіно. Да гэтага Аляксандра працавала на тэлебачанні ў Ягора Хрусталёва. Зрабіла шмат музычных кліпаў.
Амаль уся беларуская эстрада прайшла праз нашы з Алегам рукі, — жартуе Аляксандра.
 
Алег — гэта аператар Алег Гірэль. І «Белыя росы-2» для яго таксама дэбют у вялікім кіно. Яны з рэжысёрам Аляксандрай Бутар шмат працавалі раней на іншых праектах і, наогул, сябруюць з сёмага класа школы. Дарэчы, тэлемюзікл «Паўлінка NЕW» — таксама іх стварэнне.
 
Складана ацаніць, якім атрымаецца даволі амбіцыйны праект «Белыя росы-2», першапачаткова, увогуле, заяўлены на адкрытым рэспубліканскім конкурсе нацыянальных кінапраектаў Міністэрства культуры як нацыянальны. Але ў выніку на кінастудыі «Беларусьфільм» стужка ствараецца як дэбютны праект. Прычым 70% бюджэту фільма складаюць дзяржаўныя грошы, а 30% — унёсак кінастудыі. Яе дырэктар Алег Сільвановіч з’яўляецца прадзюсарам стужкі.
 
 
Мы з фотакарэспандэнтам правялі ў павільёне «Беларусьфільма» бадай цэлы дзень. Атрымлівалі задавальненне ад здымачнага працэсу. Сапраўды, кіназдымкі — гэта нешта неверагоднае. Гучыць, вядома, не арыгінальна, але так ёсць. Атмасфера на «Белых росах-2» пануе хоць і крэатыўна-сямейная, але ўсё адно, як на любых здымках, набліжана да надзвычайнай. Выпадковы чалавек можа і спалохацца: маўляў, што гэта за людзі ў камуфляжнай вопратцы, з рацыямі, гучнагаварыцелямі і кучай назіральнай тэхнікі?
 
Насамрэч, гэта нармальна. Сёння, вядома, ніхто ўжо не верыць у Дзеда Мароза і хаця б прыблізна ўсведамляе, што кіно — гэта вялікая ілюзія. Але як цікава назіраць, калі здымаецца кранальная сцэна, напрыклад, у якой гераіня Яўгеніі Жуковіч Паліна малюе партрэт героя Паўла Харланчука Бодзі пяском на падлозе ў сваёй хаце, а вакол мітусяцца людзі, якія не трапляюць у кадр. Яны п’юць каву, каб сагрэцца, вырашаюць нейкія тэхнічныя пытанні, жартуюць, крычаць, посцяць фоткі ў «інстаграм», і наогул ім і справы нібыта няма да ўнутранай трагедыі гераіні. Вось яна — магія кіно.
 
 
Увогуле, на здымках фільма пра традыцыйныя каштоўнасці — сям’ю, зямлю, сонца ды неба — пануе атмасфера любові.
 
— Ведаеце, акцёры, яны як дзеці, — распавядае рэжысёр Аляксандра Бутар. — Ім заўжды хочацца, каб іх пашкадавалі, зразумелі, суцешылі. Я гэтым і займаюся, таму што вельмі люблю з імі працаваць.
 
Нават такія самавітыя майстры, як літовец Юозас Будрайціс і беларус Віктар Манаеў, добра вядомыя сваімі дасягненнямі перад тэатрам і кіно, у адзін голас сцвярджаюць, што такой пяшчотнай атмасферы на здымках мужчына-рэжысёр стварыць бы не здолеў.
 
 
У сталіцы здымкі працягнуцца да 27 верасня. І акрамя павільёнаў кінастудыі, здымачная група пабывае на кватэры, у клубе, у аэрапорце і офісе. Цікава, што ў начным клубе будуць здымаць не толькі эпізод, дзе галоўныя героі Бодзя і Русачэнка адзначаюць сваю першую перамогу на шляху да фінансавага поспеху, але музычны кліп грута «J:mоrs». Справа ў тым, што песня Уладзіміра Пугача «Дажджамі» стане саўндтрэкам да фільма, а кліп, у якім Пугач, Харланчук, Жбанаў і Мярзлікін спяваюць гэтую песню, — своеасаблівай прома-акцыяй да прэм’еры стужкі.
 
Застаецца толькі спадзявацца, што фільм сапраўды атрымаецца добрым і светлым і гледачы не забудуць пра яго акурат пасля паказаў у кінатэатрах абласных цэнтраў нашай радзімы. Бо размовы пра тое, што давер да беларускага кіно трэба вяртаць, ідуць даўно.
 
 
Спачатку акцёры не вельмі давяралі маладому рэжысёру. А калі Аляксея Дудрава знаёмілі з Аляксандрай Бутар, першае, што ён запытаўся, гледзячы на яе зверху ўніз: «А колькі ёй наогул гадоў?» Аказалася, што 33, — акурат столькі, колькі было вядомаму драматургу, калі ён пісаў першыя «Белыя росы».
 
 

 

Майстар святла Аляксандр Каваленка ў кіно 38 гадоў. Працаваў нават на «Ідзі і глядзі» Элема Клімава і любіць парасказваць розныя цікавыя «кіношныя» гісторыі. «Кіно — гэта балота, — перакананы ён, — У добрым сэнсе. Яно зацягвае. Я некалькі разоў парываўся сысці, але кожны раз вяртаўся».
 
 

Оставить комментарий

You must be logged in to post a comment.