Recent twitter entries...

  •  

Дзевяты фестываль «Амбасовішча»: музыка і свабода волевыяўлення

Опубликовано | Размещено в: Культуры | Опубликовано 05-09-2013

0

Дзевяты па ліку фестываль “Амбасовішча” прайшоў 3 верасня на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Мінску. Чарговы прыём, прысвечаны творчаму самавыяўленню, распачаў часовы павераны Ітан Голдрыч. Амерыканскі дыпламат звярнуўся да публікі на беларускай мове.

 

Цікава, што першы фестываль «Амбасовішча» прайшоў у 2005 годзе найперш з мэтай падтрымаць забароненых беларускіх музыкаў. Праз дзевяць год сітуацыя не змянілася: «Амбасовішча» застаецца адзіным фестывалем, дзе можна у цэнтры сталіцы легальна пачуць Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча і многіх іншых.

Ранейшае “Амбасовішча” ладзілася па ўзору “Басовішча” як конкурс для маладых гуртоў — з часам ад гэтай ідэі адмовіліся. Таксама змянілася і «дыслакацыя» фестывалю. Да 2010 года “Амбасовішча” збірала гасцей ў рэзідэнцыі пасла ЗША ў Беларусі ў Раўбічах. Першы прыём у цэнтры сталіцы адбыўся у жніўні 2011 года: у ліпені 2010 года амбасада вымушана была адмовіцца ад рэзідэнцыі ў Раўбічах.
На тэрыторыі амбасады ЗША па-ранейшаму з задавальненнем сустракаюцца людзі музыкі, культуры, мастацтва, прадстаўнікі СМІ, дыпламаты і бізнэсоўцы. Сёлета тут можна было сустрэць Андрэя Лянкевіча, Віктара Аслюка, Уладзіміра Арлова, Генадзя Бураўкіна, Зінаіду Бандарэнку, цяжарную Анастасію Зелянкоўскую, Андрэя Курэйчыка, Алега Хаменку, Сяргея Філімонава і яшчэ шмат каго.

Але перш за ўсё «Амбасовішча» – фестываль музыкі. Сёлета тут гучалі Аляксандр Памідораў, Лявон Вольскі разам з Паўлам Аракелянам, гурт з Оршы “Пані Хіда» і бадзёрыя дзяўчынкі з Clover Club. А 23-гадовую невідушчую спявачку Патрыцыю Курганаву асабліва вылучыў Ітан Голдрыч. Яна выступала ў амбасадзе ЗША ўжо не першы раз.
Амаль штогод “разынкай” фестывалю становяцца музычныя госці з Амерыкі. Гурт Carter Brothers прыехаў дзеля выступу з Гудлетсвіля, штат Тэнэсі. Завершылі вечар Зміцер Вайцюшкевіч і гурт “Рэха”.
Варта адзначыць, што усе музыкі стараліся выканаць на “Амбасовішчы” штосці цікавае – рарытэтнае, або, наадварот, прэм’ернае.

У размове з журналістамі Ітан Голдрыч зазначыў: “Амбасада ЗША ладзіць гэты фестываль ужо шмат гадоў, і мы радыя, што апошнім часам абмежаванні, якія існавалі ў дачыненні да мастакоў, музыкаў і творчых людзей сталі трошкі менш жорсткімі. Але мы радыя падтрымліваць людзей, даваць ім магчымасць свабодна выказвацца. Мы працягнем ладзіць гэты фестываль, каб у музыкаў, мастакоў была магчымасць выказваць свае думкі. Мы лічым, што грамадства не павінна баяцца таго, што кажуць творчыя людзі”.
Завершыў музычны фестываль “Амбасовішча” вядоўца Алесь Круглякоў словамі: “Кожны год кажу: сябры, пабачымся праз год. І яшчэ ні разу не памыліўся”.

Фота прадастаўлены амбасадай ЗША

Оставить комментарий

You must be logged in to post a comment.