Recent twitter entries...

  •  

Беларуская мова на «Басовішчы» робіцца ўсё больш неабавязковай

Опубликовано | Размещено в: Культуры | Опубликовано 23-07-2013

0

Нават The Toobes на сцэне размаўляюць выключна па-польску. Страчваючы сваю падкрэсленую беларускамоўнасць, «Басы» робяцца польскім фэстам.
 

 

“З тэхнічнага боку «Басовішча» вельмі вырасла”

Мадэрнізацыя «Басовішча» працягваецца. Першае, што ўражвае каманду Еўрарадыё, а разам з намі і ўсіх, хто наведваў фэст раней — тэхнічныя фішкі сёлетніх “Басоў”.
 

Вялікая сцэна з двума экранамі па баках, тры ўдарныя ўстаноўкі для беспраблемных перазменак музыкаў, хітры лічбавы пульт, святло — такога пад Гарадком не бачылі за ўсе 20 гадоў правядзення фэсту! А цёплыя грымёркі для гуртоў, а дастатковая колькасць сталоў і лавак за сцэнай… Музыкі ўпершыню на«Басовішчы» адчуваюць пяшчотны клопат пра сябе.
 


«З тэхнічнага боку «Басовішча» вельмі вырасла,
— перабіваюць адзін аднаго музыкі гурта Pomidor/Off Сяргей Канановіч і Зміцер Харытановіч, старажылы фэсту. Упершыню яны прыехалі на «Басы» ў 1997 годзе ў складзе Hasta la Filsta. — Мы, зразумела, прывезлі з сабой гітарны ўзмацняльнік і мяшок «жалеза» на ўсялякі выпадак, але, што прыемна, яны нам не спатрэбіліся».

Гледачы «Басовішча» таксама не застаюцца без бонусаў. Інфармацыйныя тумбы з мапай і раскладам фэсту даюць магчымасць спланаваць уласны час. У намётавым мястэчку з’яўляюцца душы — цяпер пасля слэму можна вярнуць сабе чалавечае аблічча. Ну і галодным ніхто не застаецца: бігас, калбаскі і піва на«Басах» — справа звыклая!
 

З лайнапу «Басоў» сёлета цалкам знікаюць “генералы беларускага року”

Не здзіўляе нікога і сёлетні фармат «Басовішча». Апошнія 4 гады арганізатары ўпарта адварочваюць музычную частку фэсту ад “голага” року. З лайнапу«Басоў» цалкам знікаюць “генералы беларускага року”. Затое ўсё часцей з галоўнай сцэны гучыць этна (ORKIESTRA KLEZMERSKA TEATRU SEJNEŃSKIEGO) этна-транс (KINIOR & ZABELOV, DIED MOROZ CONVENTION +3) ды дабпанк-хіп-хоп (MASALA SOUNDSYSTEM).
 
«Зараз няма выразных межаў у рок-музыцы. Рок — гэта проста нейкая плынь, хваля, якая можа быць і цалкам электронная, — разважае лідар Akute Раман Жыгараў. — Напрыклад, некаторыя гурты ўвогуле не ўжываюць жывых інструментаў. Але гучаць насамрэч рок-н-рольна! Таму тое, што на «Басах» ёсць такая тэндэнцыя — гэта не хіба. Гэта таксама класна! І мы бачым, што народ аднолькава адрываецца і пад рок-н-рол, і пад больш электронныя гурты. То бок, зараз фестываль крыху іншы па абсталяванні і арганізацыі. І гэта развіццё, гэта не застой, што радуе!»

  

“Мне ўсё роўна, хто што бачыў у Мінску”

Палова гуртоў, што граюць на XXIV «Басовішчы» — польскія зоркі. Другая палова — беларускія артысты, якія часта выступаюць на радзіме. Магчыма, таму на фэсце мы заўважаем мала беларусаў.
 
«Калі мы з Ілонай Карпюк складалі праграму, мы яе складалі нібыта для сябе: якія гурты хочам пачуць, — тлумачыць выбар музыкаў адзін з арганізатараў фэсту, лідар гурта Zero-85 Юрка Асеннік. — Akute, Re1ikt я ведаю з інтэрнэту. Калі мы робім фэст, мы запрашаем на яго лепшыя беларускія гурты. Мне ўсё роўна, хто што бачыў у Мінску. Я мушу разглядаць, хто і што бачыў у Беластоку. Што ён ведае і што яму паказаць. Як паказаць тое, што адбываецца зараз у беларускай музыцы, не запрасіўшы Akute, Re1ikt і Clover Club?»

  

“Басы” ператвараюцца ў звычайны польскі фэст, госці якога — музыкі з Беларусі

У 2000-х патрапіць на «Басовішча» для маладых гуртоў было асаблівай удачай. Каб адпавядаць фармату фэсту, музыкі перакладалі свае песні на беларускую мову. Але зараз беларускамоўнасць — як адметная рыса фестывалю — сыходзіць на другі план. Беларускія гурты не запарваюцца на гэты конт і выходзяць на сцэну з англамоўнымі сэтамі. Нават калі ў загашніку ёсць і беларускамоўны твор.
 
«Песня першапачаткова была напісаная па-англійску, і ў перакладзе яна не так дасканала гучыць. Атрымліваецца абсалютна не тая энергія, — распавядае Еўрарадыё вакалістка Clover Club Патрык. — Таму мы не бачылі сэнсу ў тым, каб яе выканаць на «Басовішчы». Хаця і рэпетавалі. Мы не бачым сэнсу ў перакладзе такім чынам. Калі ўжо пісаць песні па-беларуску, дык пісаць адразу па-беларуску. А так атрымліваецца вельмі сінтэтычна, мелодыка робіцца іншай».

Страчваючы сваю падкрэсленую беларускамоўнасць, «Басы» пераўтвараюцца ў цалкам звычайны фэст. Нават у звычайны польскі фэст, госці якога — музыкі з Беларусі. І натуральна, што калі не адфарматаваць ідэю фэсту, не завяршаць яго магутным хэдлайнерам, не ствараць яго разам з абазнанымі ў музычных працэсах беларусамі, з цягам часу ён цалкам страціць свае пазіцыі і гледача.
 

“Мы зараз намагаемся «Басы» вярнуць да вытокаў”

Прынамсі, беларусы замест «Басоў» выберуць той жа Heineken Open’er — зорныя хэдлайнеры і паступовае з’яўленне там беларускіх гуртоў зробяць сваю справу.
 
“Мы зараз намагаемся «Басы» вярнуць да вытокаў, — тлумачыць ЕўрарадыёЮрка Асеннік.— І тое, што сёння тут выступаюць польскія зоркі — Kim Nоwak, MASALA SOUNDSYSTEM, Indios Bravos, а побач з імі — беларускія зоркі — доказ таго,што фестываль беларускі. Фестываль добрай музыкі — ён такім быў і такім застаецца. Зразумела, што было рознае. Але зараз усё інакш”.

Наступнае «Басовішча» — XXV па ліку — расставіць усё на свае месцы, кажаАсеннік. Менавіта на ім адбудзецца “камбэк дыназаўраў” (фразу нам дорыцьРаман Жыгараў з Akute) беларускага року. Яго зоркамі, абяцае Юрка, абавязкова стануць Neuro Dubel, «Крама» і Ulis.
 
200 фота з «Басовішча 2013» тут.
 
 
  
  
  
 
  
  
 
 
 
  
  
  
  
 
 

Оставить комментарий

You must be logged in to post a comment.